СУ́ПРАСЛЬСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 15 ст., самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Захаваўся ў рукапісе 1519, выяўленым М.К.Баброўскім у пач. 19 ст. ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва, гл. таксама Супрасльскі рукапіс). Складаецца з 2 асн. частак: 1-я — «Избрание летописания», куды ўваходзяць скарочаны стараж.-рус. летапіс (ахоплівае гісторыю Русі за 854—1427), Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту» і смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46; 2-я — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Тэкст «Летапісца...» няпоўны, з пропускамі. Упершыню апублікаваны І.М.Даніловічам у 1823—24 у час. «Дзеннік Віленьскі». Змешчаны таксама ў 17-м і 35-м т. Поўнага збору рускіх летапісаў. Зберагаецца ў Архіве Санкт-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас. АН.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)